КАНКАРДА́Т СЯМІ́, Зібенбунд (ням. Siebenbund),

палітычны саюз 7 швейц. кантонаў (Ааргаў, Берн, Золатурн, Люцэрн, Санкт-Гален, Тургаў, Цюрых) у 1830—40-я г. Засн. ў 1832 пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў ліберальнай швейц. буржуазіі. Выставіў праграму перагляду федэральнага дагавора Швейц. саюза (1815) у бок узмацнення цэнтралізацыі дзяржавы і дэмакратызацыі яе паліт. ладу. Распрацаваны ў 1832 праект такога федэральнага дагавора ў 1833 быў адхілены большасцю эканамічна адсталых кантонаў, дзе пераважалі католікі. Апошнія, каб перашкодзіць паліт. аб’яднанню краіны, у 1843—45 стварылі Зондэрбунд, у 1847 развязалі грамадз. вайну, аднак пацярпелі паражэнне ад федэральнай арміі. Паводле канстытуцыі 1848 Швейцарыя стала адзінай федэратыўнай дзяржавай.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)